СЯЛЯНСКІ ДВОРЫК
Зараз мы з вамі знаходзімся ў пакоі, які нагадвае сялянскі дворык. Нашы землякі клапаціліся, каб ён быў заўсёды чыстым, агароджаны плотам (амаль да 30-ых гадоў ХХ стагоддзя ён меў такі выгляд і называўся “плятнём”). Звычайна яго плялі з алешыны, лазы ці бярозы. Каля плоту ўзвышаліся дрэвы: ліпы, бярозы, яблыні, слівы. На плоце гаспадыні сушылі розны посуд. У агародзе раслі сланечнік, бульба, капуста, буракі і іншыя сельскагаспадарчыя культуры. На сцяне пры хаце гаспадары ставілі ці вешалі свае прылады працы: цапы, граблі, хамут, плуг, серп.
А цяпер мы запрашаем вас увайсці ў “Сенцы” сялянскай хаты. Адразу, калі ласка, звярніце ўвагу на дах хаты, які звычайна быў пакрыты саломай ці дошчачкамі, якія называліся “гонта”. На сцяне хаты ці дзвярах вешалі падкову, гаварылі: “На шчасце!” А ці ведаеце, чаму менавіта падкову і якое ж шчасце яна прыносіць?
Так. (Не? Тады мы вам дапаможам). У ХІХ стагоддзі багатыя людзі (паны) падкоўвалі сваіх стаеннікаў залатымі ці срэбранымі падковамі. І калі такая падкова гублялася, і яе знаходзіў селянін, то вельмі быў шчаслівым. Золата і срэбра ў бедных людзей не было ж.