top of page
med.jpg

ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ  ВАЙНА

1. «Вставай, страна огромная! Вставай на смертный бой!» - гэтыя радкі з песні кампазітара Аляксандрава, якія былі напісаны ў першы дзень вайны, я думаю, ведае кожны. Як ведае і жудасную чорную дату пачатку Вялікай Айчыннай вайны – 22 чэрвеня 1941 года. Няма ў Заастравеччы ніводнай сям’і, якую б абмінуў лёс ваеннага ліхалецця. Таму з асобым хваляваннем пераступаем парог пакой залы “Вялікай Айчыннай вайны”.

 

Як вы бачыце, ён складаецца з розных раздзелаў, каля якіх, несумненна, нам хочацца спыніцца.

 

21 чэрвеня 1941 год. Жыхары сабраліся ў клубе (зараз гэта будынак нашага музея), каб паслухаць лекцыю доктара Сяліцкага аб газавай атацы, каб потым павесяліцца пад гармонік мясцовага музыканта. А назаўтра шчаслівыя ад працы і адпачынку людзі даведаліся ад аднавяскоўцаў-мужчын, якія працавалі на будаўніцтве чыгункі ў Баранавічах, што фашысцкія самалёты разбамбілі чыгуначны вакзал і іншыя сацыяльныя аб’екты. Так страшнае слова “вайна”  прыйшло ў лёсы нашых аднавяскоўцаў.

 

Першыя  месяцы вайны – гэта ўсталяванне на заастравецкай зямлі акупацыйнага рэжыму. У будынку, дзе цяпер знаходзіцца наша ўчастковая бальніца, размясціўся паліцэйскі гарнізон. У гіміне, вось у гэтым будынку, таксама з’явіліся нямецкія прыслугачы на чале са здраднікам  Ермаловічам Арцёмам, трохі пазней памяшканне новай двухпавярховай школы ператворыцца ў казарму для батальёнцаў. Усе жыхары вёскі атрымалі аўсвайсы – пасведчанні асоб. Вось некалькі з іх.

 

Па даносу палякаў, якія жылі ў Заастравеччы і мелі крыўду на савецкую ўладу, былі растраляны камуністы-бальшавікі. Вось іх прозвішчы.

 

Балюча было глядзець, як праз Заастравечча на ўсход адступалі часткі савецкай арміі. Па ўспамінах землякоў, яны ішлі апушчанымі галавамі, дрэнна абмундзіраваныя, нават босыя. А такімі прыехалі ў Заастравечча немцы (на новых матацыклах, з губнымі гармонікамі, узброеныя і ў добрай ваеннай форме). Жанчыны ціха плакалі, а адзін сталы жыхар вёскі сказаў прарочыя словы: “Ніхто з расіяй не паваюе, ніхто Расію не пераможа!”

 

2.Жнівень 1941 года – яшчэ адна крававая трагедыя ў нашым Заастравеччы. На гэтым стэндзе вы бачыце прозвішчы людзей яўрэйскай нацыянальнасці, якія былі расстраляны на плошчы ў цэнтры мястэчка карным атрадам з Баранавіч. Праз год, у 1942 годзе \, расстрэл паўтарыўся. Знішчылі не толькі яўрэяў, але і цыганоў. Людзям самім загадалі  выкапаць сабе яму, потым легчы тварам уніз, а зверху палілі свінцом. Відавочцы ўспамінаюць, што яшчэ некалькі дзён на магіле варушылася і ўставала зямля. Можа параненыя хацелі выбрацца з-пад зямлі, а можа зямля хацела выпусціць на волю бязгрэшныя душы.

 

Усяго ў Заастравечы было знішчана больш за 90 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Месца той трагедыі – сённяшняя тэрыторыя лесацэха “Хамінка”.

 

Яшчэ адной часткай злачыннага акупацыйнага рэжыму стаў масавы вываз на прымусовыя работы ў Германію, Аўстрыю, Чэхію і іншыя краіны. Прыкладна 33-ом  жахарам нашага сельскага Савета выпала горкая доля пазнаць чужбіну. А на гэтым стэндзе вы бачыце прозвішчы непаўналетніх вязняў канцлагераў. Самаму малодшаму з іх, Дудуку Аляксандру, было ўсяго 2 гады.

 

3.Як цяжка не было пад акупацыяй мясцоваму насельніцтву, але яго волю да перамогі і да свабоды не змаглі зламаць ніякія сілы. Таму і ў нашым краі актыўна дзейнічаў партызанскі рух.

 

У самай блізкай па адлегласці да нас вёцы Колкі  была створана партызанская брыгада імя Фрунзе. На гэтым стэндзе прадстаўлены матэрыял аб партызанах 18-ай брыгады. Тут вы бачыце прозвішчы, характарыстыкі партызан і карту партызанскага руху ў Клецкім раёне.

 

А вось на гэтым стэндзе, у самым цэнтры, змешчаны матэрыял аб тых нашых жыхарах, якія прайшлі вайну з першага да апошняга дня. Іх ваенныя лёсы апісаны вось у гэтых папках, а баявыя ўзнагароды размешчаны на самым ганаровым месцы. Звярніце, калі ласка, ўвагу і на такія цікавыя дакументы – падзякі ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага ветэранам, якія на жаль ужо пайшлі з жыцця, Івану Трафімавічу Гвазду і Аляксандру Піліпавічу Сукалу.  Яшчэ ёсць цікавыя экспанаты часоў Вялікай айчыннай вайны: запісная кніжка камандзіра, капітана Журкоўскага Пятра Уласавіча і фляжка Мікіты Васільевіча Нупрэйчыка, якая разам з гаспадаром дайшла да Берліна і на ёй зроблены запіс: “9 мая. Победа”.

 

4. На стэндзе прадстаўлены прозвішчы жанчын, якім лёсам было наканавана насіць горкае імя “ўдава”. Аб кожнай з іх можна напісаць кнігу. Атрымаўшы самы страшны дакумент у сваім жыцці – пахаронку на мужа, яны засталіся верныя на ўсё жыццё свайму светламу і чыстаму пачуццю – Каханню! І ўвесь час, да дня сваёй смерці, яны верылі, што любыя да іх вернуцца.

 

Паважаныя госці, звярніце, калі ласка, увагу вось на гэтую карту. тут чырвонымі сцяжкамі адзначаны ўсе тыя гарады, у вызваленні якіх прымалі ўдзел нашы аднавяскоўцы.

 

А тут (стэнд з монікам) вы бачыце помнік, на якім выбітыя прозвішчы нашых землякоў, не вярнуўшыхся дамоў з франтоў. Помнік знаходзіцца ў цэнтры нашага аграгарадка. Гэта не толькі помнік, а яшчэ і брацкая магіла. Тут знайшлі свой апошні прытул 7 воінаў Чырвонай Арміі і партызаны 18-ай брыгады імя Фрунзе.

 

Гэта экспазіцыя прысвечана стратам, якія панеслі ў ходзе вайны, СССР, Беларусь, Клецкі раёна і Заастравечча.

 

Дзень Перамогі – 9 мая – назаўсёды застанецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў. Вось тут вы бачыце фотаздымкі святкавання Дня Пермогі ў Заастравеччы 25, 30, 40, 50, 60 гадоў назад. Калі ў 1975 годзе было 120 удзелтнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 2005 – 18 чалавек, то на сённяшні дзень няма ніводнага жывога ветэрана. Апошні з іх, Вярыга Іван Міхайлавіч, пайшоў з жыцця ў год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі.

 

Кажуць,  законы жыцця вельмі жорсткія. Чалавечая памяць здольна як успрымаць, так і забываць. Але забыць старонкі ВАВ ніхто не мае права, бо дзякуючы ім, змагарам і пераможцам, мы ўзнёсла можам сказаць:

         Якое шчасце –

         Жыць на белым свеце,

         Піць водар траў

         І цішыню бароў,

         Твар падстаўляць

         Пад чабаровы вецер,

         Казаць жыццю:

         “Квітней ты зноў і зноў!”

                               (Г.Бураўкін)

bottom of page