Пра музей
Добры дзень, паважаныя госці!
Мы рады вітаць вас на ганку гісторыка-этнаграфічнана музея аг.Заастравечча, які з 2009 года носіць ганаровае званне “Народны”. Напэўна, вы ведаеце, што слова “музей” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “храм”. Таму мы хочам нагадаць, што вы павінны паводзіць сябе, як у сапраўдным храме: у поўнай цішыні слухаць экскурсавода, а калі будуць узнікаць пытанні – іх можна будзе задаць напрыканцы аповеду.
Згадзіцеся, што кожны чалавек любіць тое месца, дзе ён нарадзіўся. Для нас, заастравечан, наша зямля святая, бо тут жылі нашы продкі, якія і пакінулі нам асноўнае багацце – любоў да роднай зямлі, сваёй сям’і і ўсіх аднавяскоўцаў.
А цяпер некалькі слоў аб гісторыі нашага населенага пункта. Першыя звесткі аб вёсцы Заастравечча адносяцца даследчыкамі да ІІ паловы ХVI стагоддзя. З 1797 па 1920 год наша мястэчка – цэнтр Заастравецкай воласці. Да верасня 1939 года заастравецкія землі належалі роду Радзівілаў.
Давайце ж адчынім дзверы ў мінулае нашага Заастравечча і пазнаёмімся, як і чым жылі нашы продкі ў ХVIІІ – ХХ стагоддзях.
Калі ласка, запрашаем вас наведаць першую экспазіцыю музея “Сялянскі дворык”.